На пяты год вайны можна канстатаваць: устойлівы парытэт на фронце зніжае імавернасць рэалізацыі максімальных мэтаў абодвух бакоў. Для Расеі гэта азначае абмежаванасць сцэнара поўнага захопу Украіны; для Украіны — ускладненасць хуткага вяртання да межаў 1991 года. Калі не адбудзецца рэзкага пералому, вынік вайны будзе кампрамісным і няпоўным для ўсіх бакоў.
Для Беларусі гэта звужае найбліжэйшы спектр сцэнароў. Без украінскай перамогі «залаты» сцэнар, раней апісаны ў артыкуле пра фінляндызацыю Беларусі, не блакуецца цалкам, але робіцца менш імаверным у найбліжэйшай перспектыве. Без расейскай перамогі ўскладняецца хуткая рэалізацыя «чорнага» сцэнара. У выніку найбольш імаверным становіцца «шэры» калідор: фармальна незалежная Беларусь без суб'екта, здольнага на самастойны курс. Пытанне гэтага артыкула ўжо не ў тым, ці рэальны шэры сцэнар, а ў тым, якімі словамі можна апісаць ягоную найбольш імаверную форму.
Метадалагічна артыкул зыходзіць з простай тэзы: палітычную будучыню можна папярэдне апісаць як сукупнасць прыкметаў, якія розныя актары лічаць пажаданымі, дапушчальнымі альбо недапушчальнымі.
У працэсе мэтавызначэння актар выдзяляе пэўны стан, якога хоча дасягнуць, апісвае ягоныя прыкметы, дае яму імя і суадносіць яго з ужо наяўным станам, каб зразумець, што патрэбна для ператварэння цяперашняга стану ў пажаданы. Гэты працэс нагадвае працэс пазнання, у якім суб'ект выдзяляе аб'ект, апісвае ягоныя ўласцівасці (напрыклад, «шматкутнік, у якім усе куты — прамыя, а ўсе бакі — роўныя»), называе яго («квадрат») і змяшчае ў сістэму паняццяў («плоская геаметрычная фігура»), каб дакладна разумець розніцу як паміж аб'ектамі ўнутры гэтага шэрагу, так і ў параўнанні з аб'ектамі іншых шэрагаў.
І ў працэсе мэтавызначэння, і ў працэсе пазнання чалавек карыстаецца адным і тым жа інструмантам: мовай, на якой гаворыць. Розніца паміж гэтымі працэсамі палягае ў кірунку. Пазнанне звернутае да таго, што ўжо ёсць альбо, як мяркуецца, існуе; мэтавызначэнне — да таго, што яшчэ трэба стварыць, дасягнуць альбо перадухіліць. Таму палітычную будучыню нельга прадказаць як фізічную падзею, але яе можна спрабаваць рэканструяваць (то бок пазнаць) праз вывучэнне і перасячэнне канкурэнтных моваў мэтавызначэння.
Таму гэты экспэрымэнт не ёсць прагнозам у строгім сэнсе. Гэта аналітычная мадэль, у якой будучыня Беларусі разглядаецца як набор прыкметаў, ужо прысутных у матывацыях актараў. Асноўнае пытанне фармулюецца так: ці перасякаюцца аблокі прыкметаў «прымальнай Беларусі» ў розных актараў, і калі так, то якімі словамі апісваецца гэтае перасячэнне?
Для пошуку адказу скарыстаемся чатырма зыходнымі архетыпамі, якія ў той ці іншай форме прысутнічаюць у беларускіх палітычных дыскусіях. Рэальная Беларусь — зыходны пункт аналізу: глыбока залежная ад Расеі дзяржава, якая захоўвае ўнутраную рэпрэсіўную сістэму і ўцягнутая ў вайну як тэрыторыя і інфраструктура.
Чацвёрты архетып выкарыстоўваецца не як самастойны прагноз, а як адмоўны тэст. Для кожнага актара важна вызначыць, дзе праходзіць мяжа паміж яшчэ прымальнай асобнасцю і фактычным знікненнем Беларусі як суб'екта. Калі актар гатовы прыняць захаванне сцяга і мапы пры страце здольнасці дзейнічаць самастойна, ягоная «прымальная Беларусь» набліжаецца да зніклай. Калі такая страта для яго непрымальная, у ягоным мінімуме ёсць прыкмета асобнасці.
Галоўны аб'ект аналізу — не ідэальныя аблокі, а менавіта прымальныя. Ідэалы актараў амаль непазбежна канфліктуюць. Мінімумы, наадварот, могуць перасякацца.