Focus Intermarium
Структурная геапалітычная аналітыка паміж Балтыкай і Чорным морам
2026

Чатыры Беларусі

Тэза

Імаверную пасляваенную Беларусь можна апісаць не праз прагназаванне падзей, а праз рэканструкцыю моваў мэтавызначэння актараў. У рэжыму Лукашэнкі, Расеі, Украіны, ЕЗ, ЗША, Кітая, суседзяў і дэмакратычных сілаў ёсць уласныя ўяўленні пра «ідэальную» і «прымальную» Беларусь. Калі аблокі прыкметаў «прымальнай Беларусі» перасякаюцца, зона іх перасячэння і ёсць «пятая Беларусь» з назвы: агульнае ядро прымальных мінімумаў і найбольш імаверная форма будучыні.

≈ 28 хв чытання · 9 раздзелаў

I

Кантэкст і метадалагічная рамка

На пяты год вайны можна канстатаваць: устойлівы парытэт на фронце зніжае імавернасць рэалізацыі максімальных мэтаў абодвух бакоў. Для Расеі гэта азначае абмежаванасць сцэнара поўнага захопу Украіны; для Украіны — ускладненасць хуткага вяртання да межаў 1991 года. Калі не адбудзецца рэзкага пералому, вынік вайны будзе кампрамісным і няпоўным для ўсіх бакоў.

Для Беларусі гэта звужае найбліжэйшы спектр сцэнароў. Без украінскай перамогі «залаты» сцэнар, раней апісаны ў артыкуле пра фінляндызацыю Беларусі, не блакуецца цалкам, але робіцца менш імаверным у найбліжэйшай перспектыве. Без расейскай перамогі ўскладняецца хуткая рэалізацыя «чорнага» сцэнара. У выніку найбольш імаверным становіцца «шэры» калідор: фармальна незалежная Беларусь без суб'екта, здольнага на самастойны курс. Пытанне гэтага артыкула ўжо не ў тым, ці рэальны шэры сцэнар, а ў тым, якімі словамі можна апісаць ягоную найбольш імаверную форму.

Метадалагічна артыкул зыходзіць з простай тэзы: палітычную будучыню можна папярэдне апісаць як сукупнасць прыкметаў, якія розныя актары лічаць пажаданымі, дапушчальнымі альбо недапушчальнымі.

У працэсе мэтавызначэння актар выдзяляе пэўны стан, якога хоча дасягнуць, апісвае ягоныя прыкметы, дае яму імя і суадносіць яго з ужо наяўным станам, каб зразумець, што патрэбна для ператварэння цяперашняга стану ў пажаданы. Гэты працэс нагадвае працэс пазнання, у якім суб'ект выдзяляе аб'ект, апісвае ягоныя ўласцівасці (напрыклад, «шматкутнік, у якім усе куты — прамыя, а ўсе бакі — роўныя»), называе яго («квадрат») і змяшчае ў сістэму паняццяў («плоская геаметрычная фігура»), каб дакладна разумець розніцу як паміж аб'ектамі ўнутры гэтага шэрагу, так і ў параўнанні з аб'ектамі іншых шэрагаў.

І ў працэсе мэтавызначэння, і ў працэсе пазнання чалавек карыстаецца адным і тым жа інструмантам: мовай, на якой гаворыць. Розніца паміж гэтымі працэсамі палягае ў кірунку. Пазнанне звернутае да таго, што ўжо ёсць альбо, як мяркуецца, існуе; мэтавызначэнне — да таго, што яшчэ трэба стварыць, дасягнуць альбо перадухіліць. Таму палітычную будучыню нельга прадказаць як фізічную падзею, але яе можна спрабаваць рэканструяваць (то бок пазнаць) праз вывучэнне і перасячэнне канкурэнтных моваў мэтавызначэння.

Таму гэты экспэрымэнт не ёсць прагнозам у строгім сэнсе. Гэта аналітычная мадэль, у якой будучыня Беларусі разглядаецца як набор прыкметаў, ужо прысутных у матывацыях актараў. Асноўнае пытанне фармулюецца так: ці перасякаюцца аблокі прыкметаў «прымальнай Беларусі» ў розных актараў, і калі так, то якімі словамі апісваецца гэтае перасячэнне?

Для пошуку адказу скарыстаемся чатырма зыходнымі архетыпамі, якія ў той ці іншай форме прысутнічаюць у беларускіх палітычных дыскусіях. Рэальная Беларусь — зыходны пункт аналізу: глыбока залежная ад Расеі дзяржава, якая захоўвае ўнутраную рэпрэсіўную сістэму і ўцягнутая ў вайну як тэрыторыя і інфраструктура.

◉
Рэальная
зыходны пункт
Глыбокая залежнасць ад Расеі, рэпрэсіўная сістэма, уцягнутасць у вайну
◈
Ідэальная
максімум актара
У кожнага актара свой максімальны варыянт — ідэалы амаль не перасякаюцца
◐
Прымальная
мінімум актара
Дапушчальны варыянт пры неспрыяльных абставінах — мінімумы могуць перасякацца
◌
Зніклая
адмоўны тэст
Назва і мапа захоўваюцца, суб’ектнасць страчана — мяжа прымальнага

Чацвёрты архетып выкарыстоўваецца не як самастойны прагноз, а як адмоўны тэст. Для кожнага актара важна вызначыць, дзе праходзіць мяжа паміж яшчэ прымальнай асобнасцю і фактычным знікненнем Беларусі як суб'екта. Калі актар гатовы прыняць захаванне сцяга і мапы пры страце здольнасці дзейнічаць самастойна, ягоная «прымальная Беларусь» набліжаецца да зніклай. Калі такая страта для яго непрымальная, у ягоным мінімуме ёсць прыкмета асобнасці.

Галоўны аб'ект аналізу — не ідэальныя аблокі, а менавіта прымальныя. Ідэалы актараў амаль непазбежна канфліктуюць. Мінімумы, наадварот, могуць перасякацца.

II

Працоўная гіпотэза

Агульным ядром у гэтым артыкуле называецца набор прыкметаў, які ўваходзіць у прымальныя мінімумы амаль усіх актараў; гэта і ёсць «пятая Беларусь» з назвы. Першасны кандыдат на агульнае ядро — надзейнасць, гэта значыць зніжэнне нявызначанасці для вонкавых актараў. Розныя актары фармулююць гэты запыт рознымі словамі: Расеі патрэбная Беларусь, якая не сыходзіць на Захад і не робіцца пагрозай у тыле; Украіне — сусед, з тэрыторыі якога не ўзнікае другі фронт; Польшчы, Літве і Латвіі — мяжа, якая не прадукуе міграцыйныя, ваенныя і паветраныя рызыкі; ЕЗ — перыферыя, якая не экспартуе крызісы; ЗША — прадказальны партнёр, прыдатны для здзелак; Кітаю — лагістычна карысны і палітычна стабільны вузел; Лукашэнку — сістэма, якая ўзнаўляе ягоную ўладу; дэмакратычным сілам — краіна, якая застаецца асобнай і не закрывае шлях да дэмакратычнай будучыні.

Аднак «надзейнасць» — занадта шырокае слова. Для Масквы надзейнасць можа азначаць кантроль; для Украіны — адсутнасць пагрозы; для дэмакратычных сілаў — захаванне суб'ектнасці па-за расейскім паглынаннем. Таму «надзейнасць» у гэтай мадэлі ёсць не высновай, а ўваходнай гіпотэзай. Яе трэба раскласці на больш канкрэтныя прыкметы і праверыць, ці захоўваюць яны агульны сэнс пры расшыфроўцы.

Для гэтага выкарыстоўваецца праверка «слова ↔ справа». Важна не толькі тое, што актар дэкларуе, але і тое, якія дзеянні ён робіць. Магчымыя тры тыпы суадносінаў:

Супадзенне
слова = справа
Актар робіць тое, што дэкларуе. Прыклад: Расея — рыторыка «братняга народа» і практыка інтэграцыі суць дзьве мовы аднаго праэкту.
Свядомае разыходжанне
слова ≠ справа
Актар гаворыць адно, але мэтанакіравана робіць іншае. Прыклад: суверэнная рыторыка Лукашэнкі пры стратэгіі мультыпатранату.
Вымушанае разыходжанне
максімум супраць мінімуму
Актар дэкларуе каштоўнасны максімум, але дзейнічае ў межах больш вузкага прымальнага мінімуму. Найбольш інфарматыўны выпадак: паказвае не ідэал, а рэальную ніжнюю мяжу прымальнага.
III

Матрыца актараў

Зводная матрыца мадэлі: для кожнага актара — ідэальная Беларусь, прымальны мінімум, тып суадносінаў слова і справы, стаўленне да архетыпу знікнення і ўнёсак у магчымае агульнае ядро. Карткі разгортваюцца.

Лукашэнка
Свядомае разыходжанне
Прызнаная дзяржава пад ягонай асабістай уладай. Рыторыка суверэнітэту азначае не незалежнасць, а дыверсіфікацыю залежнасцяў: залежаць ад некалькіх патронаў адначасова, каб не залежаць цалкам ад аднаго.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Асобная Беларусь, у якой узнаўляецца ягоная ўлада. Асобнасць каштоўная не як нацыянальны прынцып, а як рэсурс гандлю: без дзяржаўнасці рэжым губляе ролю пасярэдніка паміж вонкавымі гульцамі.
■ Непрымальная: знішчае дзяржаўнасць як рэсурс асабістага гандлю. Аднак ягоны мультыпатранат можа весці да частковай страты суб’ектнасці.
▸ Прадказальнасць праз нязменнасць улады і мультыпатранат. Гэтая версія непрымальная для дэмакратычных сілаў, але часткова перасякаецца з запытам іншых актараў на абмежаваную рызыку.
Расея
Пераважна супадзенне
Беларусь, убудаваная ў расейскую ваенную, палітычную і эканамічную сістэму: Саюзная дзяржава, ваенная інфраструктура, фактычная васалізацыя.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Лаяльны сусед без заходняга дрэйфу. Маскве можа хапаць намінальна асобнай Беларусі, калі яе знешнепалітычная і ваенная арыентацыя застаецца падкантрольнай.
■ Максімальная версія расейскага праэкту прадугледжвае знікненне рэальнай суб’ектнасці; мінімальная можа задавольвацца намінальнай асобнасцю пры дастатковым кантролі.
▸ Надзейнасць = залежнасць ад Масквы. Галоўнае выпрабаванне гіпотэзы: мінімум Расеі сумяшчальны з агульным ядром, пакуль асобнасць застаецца намінальнай, — «не-заходняя, але асобная» Беларусь.
Украіна
Стратэгічны зазор
Праеўрапейская Беларусь па-за расейскай арбітай; у амбіцыйнай версіі Украіна — палітычны і геапалітычны ўзор для будучай Беларусі.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Сусед, з тэрыторыі якога не ўзнікае другі фронт.
■ Непрымальная, калі знікненне азначае ператварэнне Беларусі ў працяг расейскай ваеннай інфраструктуры.
▸ Прыкмета «не нападаючая». Мацнейшая пазіцыя: пры Лукашэнку аддзяліць Беларусь ад Расеі ўжо немагчыма — рэальная асобнасць дасягальная толькі пасля змены ўлады.
Польшча, Літва, Латвія
Вымушанае разыходжанне
Дэмакратычная Беларусь, якая не з’яўляецца крыніцай ваеннай, міграцыйнай альбо разведвальнай пагрозы.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Бяспечная мяжа: тып рэжыму ў Беларусі другасны ў параўнанні з тым, ці прадукуе яна крызісы — міграцыйныя, ваенныя, паветраныя, інфраструктурныя.
■ Непрымальная найперш як крыніца памежных і ваенных рызыкаў; пытанне фармальных атрыбутаў другаснае.
▸ Найбольш чыстае прачытанне ядра: «не нападаючая» ў шырокім сэнсе — прадказальнасць і адсутнасць экспарту нестабільнасці. У момант крызісу бяспека мяжы важнейшая за ўнутраны лад.
Еўрапейскі зьвяз
Вымушанае разыходжанне
Правы чалавека, вызваленне палітвязняў, непрызнанне рэпрэсіўнай палітычнай сістэмы, падтрымка дэмакратычнага пераходу.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Беларусь, якая не стварае новых крызісаў на ўсходняй перыферыі Зьвяза.
■ Непажаданая: ператварае ўсходнюю перыферыю ў яшчэ адзін участак расейскай зоны ціску.
▸ Прыкмета «не нападаючая» ў форме адсутнасці эскалацыі. Дэмакратычная Беларусь застаецца ідэалам; прымальным мінімумам становяцца дээскалацыя і прадказальнасць.
ЗША
Патрабуе праверкі
Сфармуляванай дактрыны няма; рэканструюецца ўскосна — як буферны элемент еўрапейскай бяспекі і канал здзелкі з Масквой.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Беларусь, з якой можна заключаць здзелкі: па зняволеных, санкцыях, транзіце, сыравіне, бяспецы і дыпламатычных каналах.
■ У буфернай логіцы непрымальная: зніклая Беларусь перастае быць прамежкавым элементам паміж Расеяй і НАТА.
▸ Прыкмета «не нападаючая» ў форме стабілізавальнай рэгіянальнай функцыі — але гэта гіпотэза, якую трэба правяраць па далейшых дзеяннях, а не па меркаваных матывах.
Кітай
Асцярожнае супадзенне
Стабільны лагістычны, індустрыяльны і палітычны вузел на заходнім кірунку: «усепагоднае» партнэрства, ШАС, шматпалярнасць.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Плацежаздольная і прадказальная Беларусь, якая не стварае канфлікту з Расеяй.
■ Прынцыповых пярэчанняў няма, але зніжае каштоўнасць Беларусі як асобнага лагістычнага і дыпламатычнага вузла.
▸ Узмацняе прыкметы «выгадная» і «не нападаючая», гэта значыць шэрую формулу, але не фармуе вектара супраць расейскага вета і не набліжае залатую.
Дэмакратычныя сілы
Унутрана неаднародны зазор
Суверэнная дэмакратычная Беларусь.
Мінімум · тэст на знікненне · унёсак у ядроЗгарнуць▾
Асобная Беларусь з адкрытым шляхам да дэмакратызацыі.
■ Катэгарычна непрымальная: менавіта прадухіленне знікнення суб’ектнасці ўтварае агульны мінімум дэмакратычных сілаў.
▸ Суб’ектнасць плюс унікальная прыкмета «дэмакратычная», якой няма ў іншых актараў як абавязковай умовы.
IV

Аблокі актараў

4.1. Лукашэнка: асобнасць як рэсурс рэжыму

Для Лукашэнкі ідэалам застаецца прызнаная дзяржава пад ягонай асабістай уладай. Ягоная рыторыка суверэнітэту азначае не свабоду ад вонкавых залежнасцяў, а іх дыверсіфікацыю: залежаць ад некалькіх патронаў адначасова, каб не залежаць цалкам ад аднаго. Мінімум — асобная Беларусь, у якой узнаўляецца ягоная ўлада. Асобнасць тут каштоўная не як нацыянальна-дэмакратычны прынцып, а як рэсурс гандлю: без дзяржаўнасці рэжым губляе ролю пасярэдніка паміж вонкавымі гульцамі.

Дзеянні рэжыму ўкладаюцца ў стратэгію мультыпатранату: расейская залежнасць дапаўняецца кітайскім, амерыканскім і шырэйшым «глабальна-паўднёвым» кірункамі, а таксама сувязямі з краінамі Персідскага заліва. Калійны сюжэт і Нежынскі ГУК — зручная мадэль гэтай логікі; падрабязная рэканструкцыя расейска-кітайска-амерыканскага слоя падаецца ў артыкуле пра калій, санкцыі і транзіт. Для мэтаў гэтага тэксту дастаткова высновы: рэжым спрабуе ператварыць у грошы рэшткавую суб'ектнасць, ператвараючы эканамічныя актывы, зняволеных, транзіт і перамоўныя сігналы ў элементы аднаго пакета.

Нежынскі ГУК Будаўніцтва
Запасы ~1,3 млрд т руды
Магутнасць да 2 млн т KCl/год
Інвестар China Development Bank
Лакацыя Любанскі р-н, Менская вобл.

Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат — другі калійны праэкт Беларусі, пакліканы падвоіць вытворчыя магутнасці краіны. Будаўніцтва вядзецца на базе Нежынскага ўчастка Старабінскага радовішча пры ўдзеле кітайскага капіталу. Крэдыт на $1,4 млрд прадастаўлены China Development Bank у 2016 годзе; гарантам выступіў урад Беларусі, страхаванне забяспечваў Sinosure.

Лукашэнка прапануе вонкавым актарам прадказальнасць праз нязменнасць улады. Гэтая версія непрымальная для дэмакратычных сілаў, але часткова перасякаецца з запытам іншых актараў на абмежаваную рызыку. Таму Беларусь Лукашэнкі не ёсць поўнай супрацьлегласцю магчымага агульнага ядра; яна з'яўляецца адным з ягоных аўтарытарных прачытанняў.

4.2. Расея: надзейнасць як кантроль

Для Расеі ідэальны варыянт — Беларусь, убудаваная ў расейскую ваенную, палітычную і эканамічную сістэму. Формы могуць адрознівацца: Саюзная дзяржава, ваенная інфраструктура, адзіная прастора бяспекі, фактычная васалізацыя. Сэнс застаецца адзін: Беларусь не павінна быць самастойным стратэгічным суб'ектам супраць Масквы. Мінімум — лаяльны сусед без заходняга дрэйфу: пры пэўных умовах Маскве можа хапаць намінальна асобнай Беларусі, калі яе знешнепалітычная і ваенная арыентацыя застаецца падкантрольнай.

У расейскім выпадку зазор паміж словам і справай мінімальны. Рыторыка «братняга народа» спалучаецца не з прызнаннем самастойнасці, а з практыкай інтэграцыі, ваеннага выкарыстання тэрыторыі і эканамічнай прывязкі. Гэта не супярэчнасць, а дзьве мовы аднаго праэкту: культурна-сымбалічная і інстытуцыйная.

Расея — галоўнае выпрабаванне ўсёй гіпотэзы. Калі ейны мінімум — толькі кантраляваная Беларусь, то слова «надзейнасць» становіцца амонімам: для Масквы яно азначае залежнасць, для большасці астатніх актараў — абмежаванне расейскай ваеннай функцыі. Таму мінімум Расеі сумяшчальны з агульным ядром толькі пры намінальнай асобнасці — для «не-заходняй, але асобнай» Беларусі. Рэальнай асобнасці Масква не прымае, і менавіта таму пятая Беларусь трымаецца на валаску.

4.3. Украіна: бяспека як адсутнасць другога фронту

Украіна разглядае Беларусь не толькі як тэрыторыю рызыкі, але і як патэнцыйны стратэгічны праэкт. Ва ўкраінскім ідэальным воблаку Беларусь павінна выйсці з расейскай арбіты, стаць еўрапейскай дзяржавай і перастаць быць часткай расейскай ваеннай інфраструктуры. У больш амбіцыйнай версіі Украіна магла б стаць для будучай Беларусі палітычным і геапалітычным узорам. Мінімум Кіева прасцейшы: з тэрыторыі Беларусі не павінен узнікаць другі фронт.

Украіна адначасова падтрымлівае дэмакратычныя сілы, узмацняе санкцыйную лінію і адмаўляецца ад змякчэння калійнага ціску, нават калі такое змякчэнне прасоўваюць ЗША. Гэта паказвае, што Кіеў не з'яўляецца пасіўным аб'ектам амерыканскай палітыкі: у яго ёсць уласная беларуская стратэгія. Адначасова ўкраінскія папярэджанні і контрпагрозы Менску канца траўня — пачатку чэрвеня 2026 года паказваюць наяўнасць мінімальнага перасячэння: ні Кіеву, ні Лукашэнку не патрэбны наўпроставы беларуска-ўкраінскі фронт.

Украіна ўносіць у ядро прыкмету «не нападаючая». Мацнейшая ўкраінская пазіцыя палягае ў тым, што пры Лукашэнку аддзяліць Беларусь ад Расеі ўжо немагчыма; тады рэальная асобнасць дасягальная толькі пасля змены ўлады.

4.4. Польшча, Літва і Латвія: каштоўнасная мэта і мяжа як пытанне бяспекі

Для суседніх дзяржаў ідэальнай была б дэмакратычная Беларусь, якая не з'яўляецца крыніцай ваеннай, міграцыйнай альбо разведвальнай пагрозы. Польшча і Літва адначасова выступаюць цэнтрамі беларускай дыяспары і медыя, таму каштоўнаснае вымярэнне тут істотнае. Але мінімум — бяспечная мяжа: тып рэжыму ў Беларусі робіцца другасным у параўнанні з тым, ці прадукуе яна крызісы.

Бяспека мяжы стала самастойнай палітыкай. Буферныя зоны, абмежаванні на палёты, закрыццё альбо абмежаванне пунктаў пропуску, а таксама асцярожнасць Літвы ў пытанні калійнага транзіту паказваюць: калі каштоўнасная салідарнасць сутыкаецца з бяспекай і эканамічнымі выдаткамі, дзейнічае больш жорсткая логіка рызыкі.

Чырвоная паласа — буферная зона Польшчы (схематычна, 78 км, да 3 км углыб, падоўжана да 31.08.2026). Кропкі — дзеючыя пункты пропуску.
Пераход Брэст — Тэрэспаль Дзеючы
Маршрут E30, «Варшаўскі мост»
Рэжым легкавыя, мікрааўтобусы, аўтобусы
Грузавыя праз Кукурыкі — Казловічы
Адкрыта PL–BY 4 пераходы, з абмежаваннямі

Пагранічны пераход праз Заходні Буг паміж Брэстам і польскім Тэрэспалем — галоўныя пасажырскія вароты на польска-беларускай мяжы. Пасля міграцыйнага крызісу 2021 года мяжа працуе ў абмежаваным рэжыме: адкрытыя чатыры пераходы, кожны са сваімі абмежаваннямі. Тэрэспаль прымае легкавыя аўтамабілі, мікрааўтобусы і аўтобусы; Кукурыкі — Казловічы працуе толькі для буйнагабарытных грузавікоў; Баброўнікі — Бераставіца — для легкавых, аўтобусаў і грузавікоў, зарэгістраваных у ЕС і шэрагу еўрапейскіх краін; Кузніца Беластоцкая — Брузгі — толькі для легкавых. Буферныя зоны і кропкавыя закрыцці ператварылі мяжу з транзітнага калідора ў інструмент палітыкі бяспекі.

Суседзі даюць найбольш чыстае прачытанне ядра: Беларусь павінна быць «не нападаючай» у шырокім сэнсе — прадказальнай і не экспартаваць нестабільнасць. Унутраны лад краіны для іх важны, але ў момант крызісу саступае бяспецы мяжы.

4.5. Еўрапейскі зьвяз: каштоўнасны максімум і спакойная перыферыя

ЕЗ фармулюе найбольш каштоўнасную пазіцыю: правы чалавека, вызваленне палітвязняў, непрызнанне рэпрэсіўнай палітычнай сістэмы, падтрымка дэмакратычнага пераходу. Мінімум — Беларусь, якая не стварае новых крызісаў на ўсходняй перыферыі Зьвяза. У гэтым сэнсе еўрапейская палітыка пастаянна вагаецца паміж каштоўнаснай санкцыйнай палітыкай і прагматыкай дээскалацыі.

Еўрапейская лінія не з'яўляецца маналітнай. Фармальны санкцыйны ціск суіснуе з зандажамі асобных дзяржаў, судовымі рашэннямі, стомленасцю ад доўгага канфлікту і рознымі пазіцыямі ўнутры ЕЗ. Званок Макрона Лукашэнку і паведамленні пра магчымыя непублічныя кантакты французскага боку з Менскам важныя не як прызнанне рэжыму, а як індыкатар: нават пры захаванні каштоўнаснай рыторыкі ЕЗ вымушаны правяраць каналы дээскалацыі.

ЕЗ уносіць у ядро прыкмету «не нападаючая» — у форме адсутнасці эскалацыі. Дэмакратычная Беларусь застаецца ідэалам; прымальным мінімумам становіцца Беларусь, якая не ператвараецца ў пастаянную крыніцу крызісу.

4.6. ЗША: здзелка, буфер і правяральная гіпотэза

У адміністрацыі Трампа няма сфармуляванай дактрыны ідэальнай Беларусі. Таму яе даводзіцца рэканструяваць ускосна — праз транзакцыйную знешнепалітычную рамку і праз экспертную ідэю ператварэння Беларусі з расейскага актыву ў буферны элемент еўрапейскай бяспекі. Ідэю буфернай дзяржавы паміж РФ і НАТА Трамп ужо выказваў адносна Украіны. Месца Беларусі ў такой логіцы амаль ідэнтычнае ўкраінскаму з дзьвюма папраўкамі: Беларусь не павінна быць самастойнай ваеннай сілай і адначасова павінна быць каналам здзелкі з Масквой.

Мінімум ЗША — Беларусь, з якой можна заключаць здзелкі: па зняволеных, санкцыях, транзіце, сыравіне, бяспецы і дыпламатычных каналах. Шырэйшы пералік патэнцыйных перамоўных актываў рэжыму разгледжаны асобна ў артыкуле «Больш, чым калій»; тут важны не каталог актываў, а логіка: Менск спрабуе прадаваць не адзін тавар, а партфель функцыяў.

Амерыканская лінія выглядае як «пуга і пернік», але ейны вынік неадназначны. Гуманітарны трэк вызвалення зняволеных можа супадаць з інтарэсамі дэмакратычных сілаў; камерцыйны трэк па каліі і банках можа ўзмацняць рэжым і канфліктаваць з санкцыйнай палітыкай Украіны і часткі ЕЗ. Таму магчымыя дзьве інтэрпрэтацыі: альбо ЗША ненаўмысна ўзмацняюць залежнасць Менску ад Масквы, альбо свядома ствараюць канал для шырэйшага абмену, дзе транзіт і бяспека суседзяў становяцца прадметам гандлю.

Калі буферная гіпотэза слушная, ЗША ўносяць у ядро прыкмету «не нападаючая» — у форме стабілізавальнай рэгіянальнай функцыі. Але гэтая выснова застаецца гіпотэзай: яе трэба правяраць па далейшых дзеяннях, а не па меркаваных матывах.

4.7. Кітай: стабільнасць без канфлікту з Масквой

Для Кітая ідэальная Беларусь — стабільны лагістычны, індустрыяльны і палітычны вузел на заходнім кірунку. У рыторыцы гэта афармляецца як «усенадвор'евае» партнэрства, ўдзел у ШАС, індустрыяльныя праэкты і падтрымка шматпалярнасці. Мінімум — плацежаздольная і прадказальная Беларусь, якая не стварае канфлікту з Расеяй: Пекін зацікаўлены ў выгадзе, але не настолькі, каб плаціць за яе абвастрэннем з Масквой.

Кітай дзейнічае асцярожна. Ён паглыбляе эканамічную і інстытуцыйную прысутнасць, але не пераходзіць ліній, якія зрабілі б Беларусь самастойнай кітайскай процівагай Расеі. Расейская залежнасць ад Кітая ўзмацняе ланцуг залежнасцяў: Менск залежыць ад Масквы, Масква — ад Пекіну, а Пекін аддае перавагу стабільнасці гэтага ланцуга, а не ягонаму рэзкаму перагляду.

Кітай узмацняе прыкметы «выгадная» і «не нападаючая» (стабільнасць), гэта значыць шэрую формулу, але не фармуе самастойнага палітычнага вектара супраць расейскага вета і не набліжае залатую.

V

Дэмакратычныя сілы: спектр, а не адзіны актар

Беларускія дэмакратычныя сілы нельга апісваць як аднародны лагер. Іх аб'ядноўвае непрыманне знікнення Беларусі як асобнага суб'екта, але падзяляе пытанне пра дапушчальныя метады: ціск і непрызнанне альбо дыялог і дээскалацыя. Для мэтаў мадэлі мэтазгодна вылучыць два падыходы.

Максімалісцкі падыход
Прымальная БеларусьАсобная дэмакратычная Беларусь з еўрапейскай перспектывай
МетадЦіск, санкцыі, непрызнанне, праца з хаўруснікамі
РызыкаАдмова ад удзелу ў шэрых пераходных канфігурацыях
Перамоўны падыход
Прымальная БеларусьАсобная Беларусь з перспектывай дэмакратызацыі
МетадДыялог, прыярытэт вызвалення людзей, дээскалацыя
РызыкаЛегітымацыя рэжыму без рэальнай змены паводзінаў

Офіс Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет знаходзяцца ўнутры гуманітарнага трэку здзелкі: вызваленне зняволеных, каардынацыя з заходнімі партнэрамі, міжнародная праваабарончая праца. Але ў камерцыйным трэку — найперш у пытанні калію і санкцыйнага змякчэння — яны апынаюцца ў пазіцыі супрацьдзеяння. Гэта не супярэчнасць, а падзел дзьвюх логікаў: гуманітарны вынік можа быць прыняты, камерцыйная легітымацыя рэжыму — заблакаваная.

Лінія Калеснікавай і Бабарыкі робіць акцэнт на дыялогу, зніжэнні ізаляцыі і вяртанні Беларусі ў еўрапейскі парадак дня праз паступовае размарожванне. Гэтая пазіцыя выклікае рэзкую крытыку, але аналітычна яе не варта зводзіць да капітуляцыі. Яна зыходзіць з той самай базавай мэты — захаваць Беларусь як асобны суб'ект, — але інакш ацэньвае шлях да гэтай мэты.

Марыя Калеснікава
Марыя Калеснікава
Сяброўка прэзідыума Каардынацыйнай рады

Музыка і палітык, каардынатарка перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі, адна з лідэрак пратэстаў 2020 года. У верасні 2020 года парвала пашпарт на мяжы, адмовіўшыся ад выдварэння з краіны; асуджаная на 11 гадоў зняволення. Заклікала ЕС не адмаўляцца ад дыялогу з Менскам дзеля вызвалення людзей і зніжэння ізаляцыі.

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка
Экс-кіраўнік Белгазпрамбанка, заснавальнік партыі «Разам»

Банкір і палітык, самы рэйтынгавы прэтэндэнт на выбарах 2020 года, не дапушчаны да рэгістрацыі. Быў асуджаны на 14 гадоў зняволення па справе, якую праваабаронцы лічаць палітычнай. Яго каманда прадставіла ў Бруселі партыю «Разам», якая робіць стаўку на паступовае вяртанне Беларусі ў еўрапейскі парадак дня.

Пазіцыя Пазняка важная тым, што дэманструе перасячэнне з нечаканага боку. У ягоных развагах пра кантакты Менску з вонкавымі гульцамі з'яўляецца прагматычны матыў: уцягванне Беларусі ў міжнародныя перамовы можа павялічваць ейную суб'ектнасць і тым самым зніжаць рызыку страты дзяржавы. Гэта не збліжае яго з рэжымам палітычна, але паказвае агульную мінімальную прыкмету: дзяржава павінна захавацца.

Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк
Адзін з заснавальнікаў БНФ, лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі

Археолаг і палітык, даследчык Курапатаў, кандыдат у прэзідэнты 1994 года. У эміграцыі з 1996 года. Паслядоўны прыхільнік нацыянальна-дэмакратычнай лініі і крытык як рэжыму, так і часткі дэмакратычных сіл; адзначаў, што ўцягванне Менска ў міжнародныя перамовы можа павялічваць суб'ектнасць Беларусі і зніжаць рызыку страты дзяржавы.

Такім чынам, у дэмакратычных сілаў ёсць агульны мінімум — асобная Беларусь — і ўнікальная прыкмета, якой няма ў іншых актараў як абавязковай умовы, — дэмакратычная. Менавіта яна адрознівае дэмакратычную стратэгію ад простай стратэгіі захавання асобнасці.

Два трэкі адной здзелкі
Гуманітарны і камерцыйны трэкі трэба расчэпліваць

Гуманітарны трэк — вызваленне палітвязняў: тут інтарэсы дэмакратычных сілаў і вонкавых пасярэднікаў могуць супадаць. Камерцыйны трэк — калій, банкі, транзіт, інвестыцыйныя актывы, дыпламатычная легітымацыя: тут інтарэсы могуць разыходзіцца, паколькі тое, што дае гуманітарны вынік, адначасова можа ўмацоўваць рэжым.

Стратэгічная задача дэмакратычных сілаў — не адмаўляць гуманітарны трэк, а расчэпліваць яго з камерцыйным. Інакш рэжым атрымлівае магчымасць прадаваць вызваленне людзей як частку пакета, які ўзмацняе ягоную фінансавую і палітычную ўстойлівасць.

VI

Перасячэнне аблокаў: сем словаў-кандыдатаў

Яшчэ да раскладання «надзейнасці» на асобныя прыкметы можна зафіксаваць некалькі бачных перасячэнняў прымальных аблокаў. Гэтыя перасячэнні яшчэ не даказваюць існавання агульнага ядра, але паказваюць, чаму адмоўны архетып «зніклай Беларусі» важны для мадэлі: менавіта адштурхоўваючыся ад яго, розныя актары сыходзяцца на мінімальнай прыкмеце асобнасці, хоць укладаюць у яе розны палітычны змест.

Прымальныя аблокі актараў і зона іх перасячэння
ЛукашэнкаРасеяЗахад · суседзі · УкраінаКітайДэмсілыасобная+ не нападаючаязніклаяБеларусьмаксімальнаяверсія РФ
Лукашэнка ∩ Украіна — агульная прыкмета «не нападаючая»: Кіеву не патрэбны другі фронт, Лукашэнку — самагубнае пашырэнне вайны
Лукашэнка ∩ Ціханоўская ∩ Пазняк ∩ Калеснікава / Бабарыка — пры поўнай несумяшчальнасці палітычных мэтаў — агульная прыкмета: захаваць Беларусь як асобную дзяржаву
Польшча, Літва, Латвія ∩ ЕЗ ∩ ЗША ∩ Кітай — прадказальная Беларусь, якая не экспартуе нестабільнасць і па магчымасці захоўвае эканамічную карыснасць
Усе − Расея ў максімалісцкай версіі — «зніклая Беларусь» амаль нікому не патрэбная як прымальны мінімум — адрозніваюцца толькі прычыны

Першасная гіпотэза пра «надзейнасць» патрабуе раскладання. У мадэлі вылучаюцца сем словаў — кандыдатаў у агульнае ядро; кожнае апісвае асобнае вымярэнне прымальнай Беларусі. Дэмакратычныя сілы ў матрыцы прадстаўленыя двума падыходамі, таму пазіцый дзевяць. Кожнае слова ацэньваецца па дзьвюх восях: шырыня — колькім актарам яно падыходзіць, і устойлівасць да расшыфроўкі — ці захоўвае слова агульны сэнс, калі раскрыць, што менавіта актар у яго ўкладае.

СловаЛук.РФУкр.Сус.ЕЗЗШАКНРДС-мДС-пШырыняУстойл.
Асобная✓○*✓✓✓✓○✓✓7Высокая
Надзейная✓✓✓✓✓✓✓✓✓9Нізкая
Не нападаючая / бяспечная✓○✓✓✓✓✓○✓7Высокая
Выгадная✓○○✓○✓✓✗○4Сярэдняя
Нэўтральная○○*○✓○✓○✗○2Сярэдне-нізкая
Дэмакратычная✗✗○○○○✗✓✓2Высокая, але вузкая
Кіраваная / лаяльная✓*✓✗✗✗✗○✗✗2Нізкая
✓ — патрабуецца альбо вітаецца  ·  ○ — сумяшчальна / абыякава  ·  ✗ — несумяшчальна  ·  * — семантычны пераварот  ·  шырыня — колькім актарам слова патрабуецца (колькасць ✓)
Націсніце на радок, каб убачыць расшыфроўку слова
Ключавы вынік

«Надзейнасць» не з'яўляецца найлепшым імём ядра: яна абазначае агульны запыт, але не сумяшчальны стан. Устойлівей агульнае ядро апісваецца формулай «асобная + не нападаючая»; прадказальнасць уваходзіць у «не нападаючую».

Мадэль выяўляе чатыры асноўныя несумяшчальнасці. Большасць з іх звязаная альбо з расейскім кантролем, альбо з нязменнасцю рэжыму. Паміж астатнімі актарамі разыходжанні значныя, але часцей дапускаюць кампраміс.

Кіраваная (Масквой) ⊥ Асобная (рэальная)
Калі кіравальнасць азначае расейскі кантроль, яна разбурае суб’ектнасць.
Дэмакратычная ⊥ Нязменнасць улады Лукашэнкі
Дэмакратызацыя несумяшчальная з узнаўленнем персаналісцкага рэжыму.
Дэмакратычная ⊥ Кіраваная Масквой
Прававая дзяржава і свабодныя выбары не могуць адначасова быць інструмантам вонкавага кантролю.
Выгадная рэжыму ⊥ Дэмакратычная
Эканамічныя схемы, якія ўмацоўваюць рэпрэсіўную сістэму, могуць супярэчыць дэмакратычнаму пераходу нават пры фармальным захаванні асобнасці.

З устойлівых словаў можна сабраць некалькі формулаў прымальнай будучыні.

Формула #1Пятая Беларусь (агульнае ядро)
асобная+не нападаючая
Беларусь існуе і не з’яўляецца крыніцай пагрозы
Максімальна шырокая; Масква згодная, пакуль асобнасць намінальная
Формула #2Шэры транзакцыйны сцэнар
асобная+не нападаючая+выгадная
Беларусь фармальна асобная, не ваюе і ўдзельнічае ў транзакцыях, але суб’екта няма: фінляндызаваць няма чаго і няма каму
Шырокая, але спрэчная для дэмакратычных сілаў
Формула #3Буферны сцэнар
асобная+не нападаючая+нэўтральная
Буферная логіка: нэўтралітэт, замацаваны вонкавымі гульцамі
Сярэдняя; залежыць ад трактоўкі нэўтралітэту
Формула #4Залаты сцэнар
асобная+не нападаючая+дэмакратычная
Асобная дэмакратычная Беларусь, якая не пагражае суседзям
Вужэйшая, але змястоўна глыбейшая
Формула #5Чорны сцэнар
кіраваная+лаяльная
Беларусь як кантраляваны элемент расейскай сістэмы
Вузкая, але сілавая

Шэрая формула (№ 2) з'яўляецца раўнавагай па змоўчанні. Яе могуць будаваць рэжым, ЗША як транзакцыйны актар і Кітай як карыстальнік стабільнасці; яе можа цярпець Масква, калі асобнасць застаецца намінальнай; яе не абавязкова можа спыніць ЕЗ, калі адсутнічае каардынацыя. Залатая формула (№ 4) патрабуе дадання прыкметы «дэмакратычная», якая не з'яўляецца аўтаматычна. Як і ў артыкуле пра фінляндызацыю, залаты сцэнар адчыняецца толькі ў вузкім калідоры, дзе супадаюць пяць фактараў: знясіленая Расея, транзіт, інстытуты, ідэнтычнасць і падтрымка Захаду. Нейтральнасць уваходзіць у яго як частка фінляндызацыі, але не замяняе дэмакратычнага зместу.

Калі ядро «асобная + не нападаючая» сумяшчальнае з інтарэсамі большасці актараў, галоўнае пытанне палягае ў тым, ці можа гэтая большасць навязаць яго Маскве. Ваенны механізм малаімаверны. Магчымы механізм кошту: утрыманне поўнага кантролю над Беларуссю павінна стаць для Расеі даражэйшым, чым цярпімасць да намінальна асобнай, не-заходняй і ненападальнай Беларусі. Да такіх фактараў належаць знясіленне Расеі ў вайне, рост ейнай залежнасці ад Кітая, санкцыйныя выдаткі, магчымы вывад часткі беларускага экспарту з расейскіх партоў і захаванне заходняй цікавасці да беларускага пытання.

Але ў гэтай логікі ёсць два абмежаванні. Па-першае, Расея павінна быць дастаткова аслабленай. Па-другое, большасць актараў павінна каардынавацца. На чэрвень 2026 года абедзве ўмовы выкананыя толькі часткова: інтарэсы перасякаюцца, але не ўтвараюць адзінага суб'екта дзеяння.

VII

Часавая вось: транзіт улады як пераменная ядра

Папярэднія раздзелы апісваюць аблокі як статычную мапу. Але аблокі прывязаныя да актараў, а актары змяняюцца. Таму ключавая часавая пераменная — магчымы транзіт улады ў Беларусі ў перспектыве некалькіх гадоў.

Канстытуцыйная рэформа 2022 года і роля Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) стварылі канструкцыю, якая нагадвае механізм «елбасы» (паводле тытула Назарбаева — «лідар нацыі»): дзейны лідар можа фармальна пераразмеркаваць паўнамоцтвы, захоўваючы надбудоўны кантроль. Аднак казахстанскі прэцэдэнт Назарбаеў—Такаеў паказвае абмежаванасць такой страхоўкі: у персаналісцкай сістэме пераемнік не абавязаны захоўваць бяспеку папярэдніка пасля атрымання рэальнай улады.

Гэты ўрок важны для ўсіх удзельнікаў. Для Лукашэнкі ўласны пераемнік не гарантуе бяспекі. Для вонкавых актараў кіраваны транзіт не гарантуе прадказальнасці. Для дэмакратычных сілаў транзіт сам па сабе не азначае дэмакратызацыі.

Дынастычны пераемнік#2з рызыкай дрэйфу да#5
Віктар альбо Мікалай Лукашэнка
Захоўвае сістэму, але павялічвае залежнасць ад сілавых і вонкавых гарантаў
УНС-«елбасы»#2блакуе#4
Лукашэнка як надпрэзідэнцкі арбітр + тэхнічны прэзідэнт
Кансервуе нязменнасць улады
Прарасейская марыянетка#5
Кіроўца, ухвалены Крамлём
Разбурае рэальную асобнасць
Наменклатурны пераемнік#2альбо#5
Сілавік альбо тэхнакрат з сістэмы
Залежыць ад вонкавага патрона і ступені аўтаноміі
Кампрамісная фігура#4
Фігура з падвойнай прымальнасцю для часткі эліты і грамадства
Адзіны тып, здольны дадаць прыкмету «дэмакратычная»

Для агульнага ядра «асобная + не нападаючая» змена ўлады не ёсць абавязковай умовай. Такая формула можа існаваць і пры Лукашэнку: рэжыму патрэбная асобнасць як рэсурс, а просты ўступ у вайну супраць Украіны для яго самагубны.

Для залатой формулы «асобная + не нападаючая + дэмакратычная» транзіт неабходны. Але і не кожны транзіт вырашае задачу: дынастычны, елбасы- альбо марыянетачны варыянты ўтрымліваюць Беларусь у шэрай альбо чорнай зоне. Да залатой формулы вядзе толькі кампрамісны транзіт з рэальнымі гарантыямі бяспекі і інстытуцыйным зместам.

Магчымы парадокс: пры дастаткова моцным аслабленні Расеі і росце асабістых рызыкаў кампрамісны транзіт з вонкавымі гарантыямі можа аказацца для Лукашэнкі бяспечнейшым, чым уласны пераемнік. Але на чэрвень 2026 года гэта спячая гіпотэза. Паводзіны рэжыму паказваюць не падрыхтоўку сыходу, а імкненне захаваць уладу і пашырыць поле гандлю.

VIII

Практычныя наступствы для прыхільнікаў суверэннай Беларусі

Спалучэнне формулаў паказвае: асобнасць можа быць патрэбная не толькі дэмакратычным сілам. З гэтага вынікаюць шэсць практычных задач.

8.1
Змагацца не за суб’ектнасць увогуле, а за ейны дэмакратычны змест
Асобнасць патрэбная не толькі дэмакратычным сілам: Лукашэнку — як рэсурс рэжыму, вонкавым гульцам — як буфер, нават Маскве — калі яна намінальная. Унікальная задача — утрымліваць прыкмету «дэмакратычная», а не проста паўтараць слова «суб’ектнасць».
8.2
Не адкідаць «прымальную Беларусь», а змагацца за ейны змест
Шэрая формула імаверная. Адмова працаваць з ёй пакідае яе тым, хто напоўніць яе аўтарытарным зместам. Крытэрыі канкрэтныя: ці захаваная асобная ідэнтычнасць, ці жывыя інстытуты (нават у эміграцыі), ці не стала інтэграцыя з РФ незваротнай.
8.3
Расчэпліваць гуманітарны і камерцыйны трэкі
Вызваленне зняволеных не павінна аўтаматычна легітымаваць фінансавыя схемы, якія ўзмацняюць рэжым. Камерцыйны трэк — правяраць на наступствы: ці фінансуе рэпрэсіі, ці паглыбляе залежнасць ад Расеі, ці стварае новыя рычагі.
8.4
Захоўваць кааліцыю пры спрэчцы пра метады
Абодва падыходы павінны правярацца эмпірычна: калі дыялог зніжае рэпрэсіі і пашырае суб’ектнасць — ён мае сэнс; калі стварае толькі «круцельныя дзверы» вызваленняў і пасадак — абвяргаецца фактамі. Спрэчка пра метад не павінна ператварацца ў адлучэнне ад агульнай мэты.
8.5
Рыхтаваць кампрамісную фігуру і архітэктуру гарантый
Патрэбныя фігуры, прымальныя адначасова для часткі грамадства, часткі эліты і вонкавых гарантаў. Яшчэ важнейшая архітэктура гарантый: бяспека, уласнасць, прававыя ўмовы, міжнароднае суправаджэнне, паслядоўнасць крокаў.
8.6
Рыхтаваць суб’ектнасць да акна, час якога не выбіраецца
Аслабленне Расеі, транзіт у Менску альбо зрух палітыкі ЗША дэмакратычнымі сіламі не кантралююцца. Кантралюецца іншае: кадры, інстытуты ў эміграцыі, экспертныя мадэлі, эканамічныя планы, юрыдычныя канструкцыі. Калі акно адкрыецца, гатовыя словы і інстытуты павінны ляжаць на стале.
IX

Заключэнне

Ідэалы актараў блакуюць адзін аднаго, таму найбольш імаверны вынік трэба шукаць не ў ідэалах, а ў перасячэнні прымальных мінімумаў — агульным ядры. Гэта і ёсць пятая Беларусь: «асобная + не нападаючая». Сама па сабе яна ні добрая, ні дрэнная, але трымаецца на валаску: ейная асобнасць можа застацца намінальнай, і ад архетыпу «зніклай Беларусі» яе аддзяляе няшмат. Тая самая формула можа быць прыступкай да дэмакратызацыі, а можа застынуць у форме шэрай аўтарытарнай раўнавагі.

Выснова 1
Ідэалы блакуюць адзін аднаго
Дэмакратычная Беларусь непрымальная для Расеі; Беларусь у расейскай сістэме — для Украіны, суседзяў, ЕЗ і дэмакратычных сілаў; вечная Беларусь Лукашэнкі — для прыхільнікаў зменнасці ўлады. Імаверны вынік ляжыць у перасячэнні прымальных мінімумаў — агульным ядры.
Выснова 2
Пятая Беларусь: «асобная + не нападаючая»
Агульнае ядро прымальных мінімумаў. Дзяржава захоўваецца як асобная, але ейная асобнасць можа застацца намінальнай: пятая Беларусь трымаецца на валаску, на самай мяжы «зніклай», і ейны ўнутраны змест застаецца адкрытым.
Выснова 3
«Надзейнасць» — не імя ядра
Слова абазначае агульны запыт, але пры расшыфроўцы распадаецца на амонімы: кантроль для Масквы, адсутнасць рызыкі для астатніх. Прадказальнасць уваходзіць у «не нападаючую»; устойлівыя толькі «асобная» і «не нападаючая».
Выснова 4
«Дэмакратычная» сама не з’явіцца
Гэтая прыкмета не ўзнікае ў перасячэнні аўтаматычна. Яе павінны ўнесці самі беларусы — праз інстытуты, захаванне суб’ектнасці, працу з хаўруснікамі і гатоўнасць да транзітнага акна.

Падрыхтавана на аснове адкрытых крыніц, папярэдніх праэктных мадэляў аўтараў і аналітычнай рэканструкцыі матывацый актараў станам на чэрвень 2026 года. Усе сцэнарныя формулы з'яўляюцца аўтарскай мадэллю, а не ўсталяваным фактам альбо прагнозам з гарантаванай імавернасцю.